Улады дазволілі мітынг і канцэрт 25 сакавіка на Дзень Волі — 100-я ўгодкі абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Мінгарвыканкам дазволіў збор удзельнікаў на пляцоўцы перад Оперным тэатрам з 13:00 да 14:00, мітынг і канцэрт пройдуць з 14:00 да 19:00.
Арганізатары вызваляюцца ад аплаты за паслугі медыкаў, міліцыі, прыборкі тэрыторыі.
Учора паведамлялася, што вядуцца перамовы на ўдзел у канцэрце з Лявонам Вольскім, «Крамай», «Дзецюкамі» і Neuro Dubel.
Нагадаем, што першапачаткова падавалася заяўка на шэсце ад плошчы Якуба Коласа да плошчы Свабоды з правядзеннем там канцэрта. У Мінгарвыканкаме параілі абмежавацца канцэртам або каля Опернага тэатра, або ў парку Янкі Купалы.
У адказ 26 лютага пяць арганізацый — Партыя БНФ, Рух «За Свабоду», АГП, БСДП (Грамада) і асветніцкая ўстанова «Амарока» падалі новую заяўку на акцыю, прасіўшы дазволіць правядзенне мітынгу і канцэрта каля Опернага тэатра 25 сакавіка з 15:30 да 20:00.
Чыноўнікі Мінгарвыканкама запэўнілі арганізатараў, што на дазволеным мерапрыемстве не будзе забараняцца выкарыстанне нацыянальнай сімволікі.
На правядзенне Дня Волі грошы збіраюцца «Талакой». Больш за палову сродкаў ужо сабрана. Найбольшае ахвяраванне зрабіў 21-гадовы мінскі праграміст Уладзь Чачоткін. Ён ахвяраваў на святкаванне юбілею БНР ажно 2500 рублёў
Ответить